Кебіч Людміла Антонаўна
Пашыраны пошук
Нацыянальная лiтаратурная прэмiя

Нацыянальная лiтаратурная прэмiя


Кебіч Людміла Антонаўна
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюзнай дзяржавы, паэтэса, празаік, публіцыст і перакладчык. Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” з 2005 года. Член Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў. Лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” па намінацыі “Пісьменнік года-2002”. Узнагароджана нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2009). Пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор года” ў намінацыі “Песенны жанр” за цыкл песень “Словы прызнання” – “Залаты Купідон” (2009). Узнагароджана медалём Францыска Скарыны (2014), медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”(2018). Мае дыплом і тытул абласной прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны” за дасягненні ў грамадска-палітычнай сферы за 2013 год. Пераможца ІІІ-га абласнога літаратурнага конкурсу імя Цёткі (А. Пашкевіч) у намінацыі “Паэзія”(2020). Пераможца рэспубліканскага конкурсу “ЛітСтартUP”, абвешчанага Міністэрствам інфармацыі РБ (2020) у намінацыі “Дзіцячая літаратура”.
Творы пісьменніцы друкуюцца ў часопісах і газетах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, яна аўтар дзевяці кніг паэзіі, двюх кніг прозы, шасці кніг для дзяцей і двух песенных зборнікаў. Вершы ўключаны ў падручнікі “Музыка” для 2-га класа, (2006 і 2013) для школ Беларусі, калектыўныя зборнікі сучаснай беларускай паэзіі і прозы, выдадзеныя ў 2009-2020гг. выдавецтвамі “Мастацкая літаратура”, “Народная асвета”, “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”, “Пачатковая школа”, а таксама расійскімі выдавецтвамі.
Вершы Людмілы Кебіч перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую, азербайджанскую і польскую мовы, змяшчаліся ў літаратурных альманахах і анталогіях паэзіі, выдадзеных у Расіі, Літве і Польшчы.
Л.А. Кебіч – таленавіты арганізатар. Яна з’яўляецца нязменным рэжысёрам Свята паэзіі, якое адбываецца падчас фестываляў нацыянальных культур, ініцыятарам адраджэння літаратурнага альманаха “На Нёманскай хвалі”(№№ 1¬–7) на Гродзеншчыне і яго галоўным рэдактарам. Шматлікія мерапрыемствы і сустрэчы з чытачамі, якія адбываюцца на Гродзеншчыне па яе ініцыятыве, набылі статус традыцыйных і займелі вялікую папулярнасць.

Бэзавы дом

Намінацыя: Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі (2019)

Аўтар: Кебіч Людміла Антонаўна

Выдавецтва: "ЮрСаПринт"

Гродзенскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” вылучыла на Рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная літаратурная прэмія” па выніках 2018 года ў намінацыі “Лепшы твор (зборнiк твораў) паэзii” паэтычны зборнік Людмілы Кебіч “Бэзавы дом” (Гродна, “ЮрСаПрынт”, 2018). У новую кнігу “Бэзавы дом” увайшлі вершы (больш за 200), прысвечаныя малой радзіме, любай Беларусі, гораду Гродна, вёсцы, а таксама вершы, напісаныя ў дарозе, – роздумы і ўражанні ад тых мясцін, якія яна наведала. Кніга пабачыла свет невыпадкова: тэма Радзімы ў творчасці паэтэсы – адна з самых галоўных і ўлюбёных. Даволі вялікая па аб’ёме і глыбокая па змесце, яна будзе цікавым падарункам для ўсіх, хто шчыра і аддана любіць сваю малую і вялікую Радзіму.

Набыць кнiгу

Трыялеты. Тэрцыны. Рандэлі.

Намінацыя: Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі (2021)

Аўтар: Кебіч Людміла Антонаўна

У новую кнігу паэтэсы ўвайшлі вершы, напісаныя ў так званых цвёрдых формах, якія ўпершыню з’явіліся ў літаратурнай паэтычнай творчасці ў старажытныя часы. Разнастайныя па тэматыцы і настроі, яны захапляюць чытача мастацкасцю, вобразнасцю і мілагучнасцю роднай мовы, якіх аўтар паспрабавала дасягнуць нават у гэтых складаных формах паэзіі. Новая кніга Л. Кебіч “Трыялеты Тэрцыны Рандэлі” пабачыла свет у Гродзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт”. Яна ўключае каля 200 твораў, прысвечаных малой радзіме, любай Беларусі, гораду Гродна, вёсцы, а таксама вершы, напісаныя ў дарозе – роздумы, развагі і ўражанні ад тых мясцін, якія наведала паэтэса. Кніга выдадзена ў Год малой радзімы невыпадкова: тэма Радзімы ў творчасці Л. Кебіч – адна з самых галоўных і ўлюбёных. Даволі вялікая па аб’ёме і глыбокая па змесце кніга не пакіне абыякавымі ўсіх, хто шчыра і аддана любіць сваю малую і вялікую Радзіму. А што тычыцца прафесійнасці, дык тут кожны верш прасякнуты непаказальнай любоўю, замілаванасцю, незвычайна кранальнай паэтычнасцю, напоўнены яркай і выразнай палітрай мастацкіх сродкаў, якія падкрэсліваюць глыбокае грамадзянскае, філасофскае, лірычнае гучанне твора і яго музычную аснову. Вось як выказаўся пра кнігу вядомы на Гродзеншчыне і ў Беларусі кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца, крытык, пісьменнік, прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч: “Высокая паэзія, без усялякай літаратуршчыны. Дзіўнае спалучэнне святла і суму. У ёй Вы – уся. Горш пісаць ужо не маеце права, бо гэта лепшае, што чытаў дагэтуль.” У газеце “Літаратура і мастацтва” 29.01. 2021 г. быў змешчаны артыкул пра выхад кнігі і яе мастацкія якасці, якія прааналізавала член СПБ, літаратурны крытык Ніна Васільеўна Каленчыкава. Дарэчы, яна адна з першых звярнула ўвагу і адзначыла адметныя асаблівасці гэтых старажытнаых формаў паэзіі ў творчасці Людмілы Кебіч, сярод якіх неверагодная рознатэматычнасць і сучаснае гучанне.

Набыць кнiгу