Казека Аляксандр Мікалаевіч
Пашыраны пошук
Нацыянальная лiтаратурная прэмiя

Нацыянальная лiтаратурная прэмiя


Казека Аляксандр Мікалаевіч
Вядомы беларускі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся 4 жніўня 1958 года ў вёсцы Новы Юзін Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці.
У 1980 годзе з адзнакай скончыў Арлоўскае вышэйшае ваенна-каманднае вучылішча сувязі імя М.І.Калініна КДБ СССР. Служыў у Арле, Уладзівастоку, Бранску, Магілёве.
Паэзіяй захапляўся з юнацтва, але толькі ў пачатку гэтага стагоддзя яна ўвайшла ў яго лёс так, што стала адным з самых галоўных заняткаў жыцця.
У 2006 годзе ўступіў у шэрагі Саюза пісьменнікаў Беларусі, а ў лістападзе 2016 года абраны старшынёй Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Паэзія Алеся Казекі лірыка-апавядальнага характару, яна нясе ў сабе пэўны і значны чалавечы змест, падкупляе яснасцю і прастатой − у рытмічным малюнку і ў вобразах. Прыкметнай асаблівасцю яго лірыкі з’яўляецца тое, што яна спалучае чыста апісальныя моманты (пейзажы, успаміны пра мінулае, пра дзяцінства, бацькоў і дзядоў і да т.п.) з раскрыццём унутранага свету чалавека, яго пачуццямі і перажываннямі, радасцямі і нягодамі.
У творах Алеся Казекі гучыць пранізліва-чысты голас шчырага пачуцця любові да Радзімы. Голас Грамадзяніна. Каштоўная рыса паэтычнага характару А.Казекі − вера ў лепшае, мужнасць, воля, стойкасць. У яго няма адчування жыццёвага тупіку, бязвыхаднасці і адчаю, і лейтматыў ягонай лірыкі – шлях да святла, духоўнае ўзнаўленне і адражджэнне.
Тэксты твораў Алеся Казекі шырока выкарыстоўваюцца ўстановамі культуры пры правядзенні міжнародных фестываляў і святочных мерапрыемстваў. Асобнай увагі заслугоўваюць тэксты, якія сталі песнямі і гучаць не толькі ў Беларусі, але і па-за межамі краіны.
А.Казека рэгулярна ўдзельнічае ў шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных творчых фестывалях у якасці члена аргкамітэту, члена журы, запрошанага госця або ўдзельніка. Прызнанне атрымалі пераклады аўтарства А.Казекі твораў рускіх і ўкраінскіх творцаў, створаныя ў працэсе Міжнароднага фестывалю “Берега дружбы".
Вялікую ўвагу А.Казека надае мерапрыемствам выхаваўча-патрыятычнага характару. Ён актыўна ўдзельнічае ў акцыях ветэранаў КДБ па наведванні месцаў баёў спецатрада "Слаўны", рэгулярна прымае ўдзел у мітынгах і канцэртах з нагоды памятных дзён, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, у дзяржаўных святах. А.Казека выступіў адным з ініцыятараў рэканструкцыі Мемарыяла спаленым вёскам у в. Боркі Кіраўскага раёна.
Асаблівую ўвагу ў сваёй творчай і грамадскай рабоце А. Казека надае выхаванню маладога пакалення. Рэгулярна праводзяцца паэтычныя сустрэчы з моладдзю, у тым ліку з вучнямі спецПТВ, кадэтамі, курсантамі МУС. Традыцыяй стала выступленне Алеся Казекі ў сценах музычнага каледжа, магілёўскіх універсітэтах, супрацоўніцтва пісьменніка з Магілёўскім каледжам мастацтваў і актывам БРСМ. Алесь Казека актыўна ўдзельнічае ў маладзёжных акцыях і святах (такіх, як Дзень моладзі, “Маладзёжны цягнік” і г д.), з'яўляецца ініцыятарам і старшынёй журы ў шматлікіх маладзёжных літаратурных конкурсах. Вершы А. Казекі знаходзяць гарачы водгук у сэрцах маладога пакалення. Студэнты магілёўскіх устаноў вышэйшай адукацыі і навучэнцы школ пішуць па яго творах навуковыя і даследчыя работы.
За высокія дасягненні ў літаратурнай дзейнасці, вялікі асабісты ўклад у развіццё беларускай і славянскай літаратуры Аляксандр Мікалаевіч ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны, знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”, медалём Саюза пісьменнікаў Расіі “Васілій Шукшын”, знакам “Ганаровы настаўнік творчай моладзі”. Таксама ў яго скарбонцы - шматлікія медалі, знакі, ганаровыя граматы і лісты падзякі СССР, Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. З’яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта “Дасягненне” у намінацыі “Літаратурная дзейнасць”.

Песня роднай зямлі

Намінацыя: Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі (2021)

Аўтар: Казека Аляксандр Мікалаевіч

У кніге аўтар вызначае вытокі любові да сваёй Радзімы – Беларусі, гаворыць аб родных мясцінах, прыгажосці беларускай прыроды. Кніга налічвае пяць разделаў: 1.СКРЫЖАВАННІ ЛЁСАЎ. Філасофская лірыка; 2. ПЕСНЯ РОДНАЙ ЗЯМЛІ. Грамадзянская лірыка; 3. КРАЙ БУСЛОЎ. Вершы пра Радзіму; 4. ПОКЛІЧ АДВЕЧНЫ АДВЕЧНАГА СВЕТУ…Вершы пра каханне; 5. НОЧ ПРАЙШЛА, МЫ БУДЗЕМ ЖЫЦЬ. Паэмы і паэтычныя апавяданні. У склад пятага раздзелу ўвайшлі: “паэма пра вечнасць” - “Медуніца”, паэтычныя апавяданні “Радоўка” і “Час сяўбы”, у якіх ідзе расповед аб жыцці вёскі. На думку паэта, наша зямля, як любячая маці, заклікае сваіх дзяцей жыць адной дружнай сям’ёй і ісці разам у адным кірунку – да святла, росквіту нашага беларускага роду і нашага агульнага дома – Беларусі, абапіраючыся на вечныя каштоўнасці: любоў, дабро, святло, згоду. Трагічным падзеям вялікай Айчыннай вайны прысвечана паэма “Марыйка”, у аснову твора пакладзены дакументальныя падзеі - карная аперацыя, якую праводзілі фашысты на нашай зямлі. Паэтычнае асэнсаванне пакутаў, якія выходзяць за грань магчымасцяў чалавечага ўспрымання, у паэме пададзена скрозь прызму перажыванняў вясковай дзяўчыны, якая цудам выжыла, страціўшы ўсіх сваіх родных. Па меркаванню выдаўцоў, узнесласць зваротаў да Бога, пашырэнне меж суадносін зямнога і нябеснага, дазваляюць твору ўвайсці ў кола самых значных у сучаснай беларускай літаратуры. Станоўчыя водгукі на кнігу і на творы, якія ўвайшлі ў яе склад, далі першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Алена Стэльмах, акадэмік Уладзімір Гніламёдаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Саламаха, член-карэспандэнт Акадэміі навук, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, кандыдат філалагічных навук Алена Кісель, кандыдат багаслоўя, пратаіерэй Георгій Сакалоў і інш. Прэзентацыя кнігі адбылася 5 чэрвеня 2020 года ў Прэс-цэнтры Дома прэсы, на якой на відэасувязі прысутнічалі магілеўскія пісьменнікі, прадстаўнікі ўлады і ўстаноў культуры, а таксама ў Магілёўскай абласной бібліятэцы, у навучальных установах г.Магілёва. Навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў зрабілі літаратурную музыкальна-пластычную кампазіцыю па гэтаму твору, якая была прадстаўлена гледачам на свяце Беларускага пісьменства ў Бялынічах, у Доме літаратара ў г.Мінску, на мемарыяльным комплексе памяці спаленых вёсак у весцы Боркі Кіраўскага раёна. Па выніках Магілёўскага абласнога агляду-конкурсу “У долонях маёй Беларусі” (сакавік 2021 г.) кампазіцыя “Марыйка” атрымала Гран-пры. Кіраўніцтвам вобласці прынята рашэнне аб выкарыстанні гэтай пастаноўкі для патрыятычнага выхавання жыхароў рэгіёна шляхам паказу яе ў раённых цэнтрах Магілёўскай вобласці. Кніга Алеся Казекі “Песня роднай зямлі” значная з’ява ў беларускай літаратуры. У ёй прысутнічае не толькі апора на глыбінныя традыцыі беларускага народа, але і шмат новых метафар, новых літаратурных знаходак.

Набыць кнiгу