Мазго Уладзімір Мінавіч
Пашыраны пошук
Нацыянальная лiтаратурная прэмiя

Нацыянальная лiтаратурная прэмiя


Мазго Уладзімір Мінавіч
Нарадзіўся 05.03.1959 года ў гарадскім пасёлку Зэльва Гродзенскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі. Працаваў карэспандэнтам у шматтыражцы “Інтэграл”, загадчыкам рэдакцыі літаратуры для малодшага школьнага ўзросту ў выдавецтве “Юнацтва”, вядучым рэдактарам у “Мастацкай літаратуры”, намеснікам галоўнага рэдактара ў часопісах “Вясёлка”, “Полымя”. Цяпер – намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Нёман”.
Вершы і песні пачаў пісаць, калі яшчэ быў школьнікам. У школьныя гады друкаваўся ў часопісах “Маладосць”, “Вожык”, “Бярозка”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Член Саюза пісьменнікаў СССР і БССР з 1984 года.
Аўтар кніг паэзіі “Пад спеў крыніц”(1982), “Вершаліна”(1987), “Марафон”(1992), “Анёл нябесны”(2007), “Сакавіны”(паэзія і проза, 2012), “У нябёсах вясны”(2013), “Знічкі вечнасці”(2020), кніг для дзяцей “Калі спрачаюцца маланкі”(1989), “Суседзі па сусвеце”(1994), “Смехапад”(1999), “Прыгоды марахода”(2002), “Цуда-вуда”(2008), “Таямнічая планета”(2008), “Лепшыя сябры”(2012), “Загадкавая азбука”(2012), “Адвечныя скарбы Радзімы”(2013), “Адкрывай свой родны край”(2013), “Завітала ў госці казка”(2014), “Слоны с Луны”(2014, Мінск; 2017, Масква), “Вавёркі лушчаць зоркі”(2019).
Уладзімір Мазго – лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры (2005), літаратурных прэмій імя Васіля Віткі (2005), “Залаты Купідон” (2008). Выдатнік друку Беларусі (2007). Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна (2008). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2016). Пераможца конкурсу на лепшы літаратурны, мастацкі, музычны твор, прысвечаны 100-годдзю пагранічнай службы, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь (2018). Узнагароджаны Ганаровым знакам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму (2019).
Многія вершы Уладзіміра Мазго пакладзены на музыку і сталі папулярнымі песнямі, што ўвайшлі ў рэпертуар зорак беларускай эстрады і маладых выканаўцаў, гучалі на міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску, нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечне і інш.
Творы паэты друкаваліся не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі: у часопісах “Наш современник” (Масква), “Невский альманах” (Санкт-Пецярбург), “Балтика”(Калінінград), “Памир”(Душанбэ), “Ялав”(Чэбаксары), “Литературной газете”(Масква), дзіцячым часопісе “Мурр плюс”(Калінінград). Асобныя творы перакладзены на рускую, англійскую, таджыкскую, чувашскую і іншыя мовы.
Творы Уладзіміра Мазго атрымалі высокую ацэнку ў беларускіх крытыкаў і літаратуразнаўцаў. У розныя гады пра іх пісалі Уладзімір Юрэвіч, Маргарыта Яфімава, Яўген Гарадніцкі, Алесь Марціновіч, Уладзімір Саламаха, Мікола Чарняўскі, Міхась Кенька, Віктар Гардзей, Казімір Камейша, Пятро Васючэнка, Алесь Бельскі, Ірына Буторына і інш.
На сваёй малой радзіме ў Зэльве вось ужо амаль чвэрць стагоддзя паэт кожнай вясной праводзіць свята паэзіі і музыкі “Зэльвенскія сакавіны” з удзелам вядомых беларускіх пісьменнікаў, кампазітараў, спевакоў. З 2019 года і ў Мінску – ў дзіцячай бібліятэцы № 6 імя Васіля Віткі – арганізаваў падобнае свята “Мінскія сакавіны”. Ён – жаданы госць у школах, гімназіях, бібліятэках розных рэгіёнаў Беларусі.

Знічкі вечнасці

Намінацыя: Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі (2021)

Аўтар: Мазго Уладзімір Мінавіч

Кніга вядомага беларускага паэта Уладзіміра Мазго “Знічкі вечнасці”, што ў 2020 годзе выйшла ў выдавецтве “Беларусь”, складаецца з чатырох раздзелаў. Першыя два – “З чыстага ліста” і “Святло залатое” – аб’ядналі ў сабе любоўную, філасофскую і пейзажную лірыку. “Мелодыя душы” – лепшыя песні на вершы Уладзіміра Мазго з рэпертуару зорак беларускай эстрады: Анатоля Ярмоленкі, Іны Афанасьевай, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Валерыя Дайнекі, Ірыны Дарафеевай, Якава Навуменкі, Алесі… “Незабыўнае” – лірычныя мініяцюры “Знічкі вечнасці” пра самыя яркія і хвалюючыя імгненні жыцця. Творы паэта прывабліваюць сваёй непадробнай шчырасцю і душэўнай цеплынёй. У іх дамінуюць матывы любові да роднай зямлі, да яе гісторыі і культуры, да нашай незалежнай краіны – Беларусі.

Набыць кнiгу