Камароўскі Аляксандр Адамавіч
Пашыраны пошук
Нацыянальная лiтаратурная прэмiя

Нацыянальная лiтаратурная прэмiя


Камароўскі Аляксандр Адамавіч
Нарадзіўся ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. Закончыў вучобу ў Белдзяржуніверсітэце імя У.І. Леніна з дыпломам філолага. Пасля службы ў арміі працаваў у Літаратурным музеі Я. Коласа, у часопісах “Маладосць”, “Вясёлка”, у выдавецтве “Юнацтва”. Тады ж у перыёдыцы з’явіліся і першыя літаратурныя творы, але таленавіты юнак працягваў “шукаць сябе” яшчэ і ў журналістыцы. Так ён прыйшоў у рэдакцыю спартыўных праграм Беларускага тэлебачання і дзесяць гадоў працаваў у тэлежурналістыцы. Ён быў першым са спартыўных каментатараў, які пачаў весці рэпартажы па тэлебачанні і на Беларускім радыё на беларускай мове. І спартсмены, і простыя аматары спартыўных спаборніцтваў высока ацанілі яго работу ў якасці каментатара, калі ў 1982 годзе дынамаўцы Мінска сталі чэмпіёнамі СССР па футболу.
Плённай была і журналісцкая, і літаратурная дзейнасць Камароўскага А.А. Літаратурнае амплуа яго даволі разнастайнае. Тут і паэзія, і проза. Творы для дзяцей і дарослых. Аўтар зборнікаў паэзіі “Пачатак”, “Зямля маіх надзей”, “Валошкі памяці”, аповесцей “Адкрытая тайна”, “Пенальці”, “Удар залатой буцы”, зборніка вершаў для дзяцей “Вясновыя загадкі”. У Санкт-Пецярбургу (Расія) у зборніку “Неделимое русло” было надрукавана апавяданне “Турыныя рогі”.
За плённую літаратурную працу Камароўскі А.А. узнагароджаны медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”, Ганаровымі граматамі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

Крутагор'е

Намінацыя: Лепшы твор прозы (2021)

Аўтар: Камароўскі Аляксандр Адамавіч

Глыбінны змест і адметная форма  ад старажытнасці, гадоў мінулых  да сучаснасці  аб’ядноўваюць творы, што змешчаны ў гэтым выданні. Аўтар і ў рамане “Курутагор’е”, і ў трох аповесцях, якія ўключаны ў кнігу: “Радаслоўны лісток”, “Смаку не абабрацца”, “Ахілесава пята”, шукае адметныя рысы ў характары беларуса, апісвае старажытную культуру і яе ўздзеянне на светапогляд сучаснага чалавека. Раман «Крутагор’е» прысвечаны перамозе ў бітве (1249 г.) першага князя Вялікага княства Літоўскага Міндоўга над мангола-татарскім ханам Койданам. У старажытнасці абаранялі сваю зямлю, свет сваіх уяўленняў пра Дабро і Зло, а цяпер? Сучасны, адукаваны чалавек, ён які? Галоўны герой мроіць, што ляціць над Зямлёй і быццам бы бачыць глыбокія правалы зямлі, здагадваецца, “што там некалі былі вялікія радовішчы нафты, газу, вугалю… Мне ўяўлялася Зямля, як паўспушчаны мяч, з якога многа забралі, выкачалі, а нічым не запоўнілі… Браць, не думаючы пра гэты апустошаны шарык, на якім ляціш у таямніцы Сусвету… Я ляцеў над акіянамі, новымі кантынентамі… Мне здавалася, а мо бачылася, як войны сцелюць хвост смерці між народамі, як голад і эпідэміі ставяць на пустках крыжы і камяні. Дзеля чаго, за што, для каго? Чалавек знішчае чалавека, уладар прыроды губіць прыроду, а прырода  землятрусы, цунамі, пажары, віхуры, паводкі  помсціць чалавеку…”. І тут ужо не галоўнае, што шукае сучаснік скарб пазамінулага стагоддзя. Галоўнае  яго грамадзянская пазіцыя, яго дачыненне да сучасных праблем чалавецтва. У той жа форме, з дзвюмя сюжэтнымі лініямі, напісана і аповесць “Ахілесава пята”, якая распавядае пра подзвіг дзядулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, як у мірны час бярэ сваю спартыўную вышыню яго ўнук. Шырокую панараму народнага побыту даюць аповесці “Радаслоўны лісток”, “Смаку не абабрацца”. Тут апісваюцца і народныя абрады ў Купальскую ноч, і балі ў Нясвіжскім замку. Наўцікавейшае  дэталёвае апісанне працэсу ткацтва. І гэта ўжо не толькі мастацка-літаратурная каштоўнасць, але і гістарычная. А што ж уяўляе каштоўнасць для самога аўтара? Безумоўна, гэта Чалавек. Гісторыя. Сучаснасць.

Набыць кнiгу