Палачанiн Фёдар Антонавiч
Пашыраны пошук
Нацыянальная лiтаратурная прэмiя

Нацыянальная лiтаратурная прэмiя


Палачанiн Фёдар Антонавiч
Палачанін Фёдар Антонавіч нарадзіўся 27.08.1951 г. у адным з самых маляўнічых куткоў Беларусі, у в. Чаркасы, у сям’і сельскіх працаўнікоў.
Яго першымі і найлепшымі настаўнікамі ў жыцці былі бацькі – Антон Іванавіч і Ніна Сяргееўна. Гэта былі вельмі сумленныя, шчырыя, працавітыя і таленавітыя людзі. Маці ведала вельмі многа песень і цудоўна іх спявала. Бацька добра ўмеў іграць на гармоніку і валодаў прыродным талентам расказчыка. Фёдар у дзіцячыя і юнацкія гады захапляўся маляваннем, любіў слухаць народныя песні і музыку, шмат чытаў мастацкай літаратуры. Вучыўся ў Чаркаскай пачатковай, затым Лісавіцкай васьмігадовай, Сітцаўскай сярэдняй школах.
У 1974 годзе завочна скончыў філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. Многа гадоў Фёдар Антонавіч адпрацаваў у адукацыі – прайшоў шлях ад настаўніка пачатковай школы да намесніка начальніка аддзела адукацыі Докшыцкага райвыканкама.
У канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя Палачанін пачаў актыўна і паспяхова займацца літаратурнай дзейнасцю. Яго пяру належаць кнігі і калектыўны альманах “Дзвіна”, "Віцебшчына літаратурная”. Першая кніга пісьменніка, якая выйшла ў 1998 годзе, – “Расплата за нелюбоў”. У яе ўвайшлі дзве камедыі і адна меладрама.
У 2001 годзе выйшла з друку яшчэ адна кніга – “Недаспяваная песня”, прысвечаная памяці ваеннаслужачых, якія загінулі ў мірны час пры выкананні службовых абавязкаў. Аўтар кнігі становіцца Ганаровым членам Рэспубліканскага камітэта Беларускай грамадскай арганізацыі салдацкіх маці і атрымлівае Ганаровую грамату Беларускай грамадскай арганізацыі салдацкіх маці.
Адна за адной выходзяць іншыя кнігі Фёдара Палачаніна: “Белы абрус” (2002 год), “Урок на ўсё жыццё”, “Не свая віна” (2003 год), “Недаспяваная песня ў сэрцы гучыць”; “Вяртанне да першачысціні” (2004 год). У 2005 годзе на абласной выставе-конкурсе літаратурных матэрыялаў кніга “Недаспяваная песня ў сэрцы гучыць” была адзначана дыпломам І-й ступені ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама. У гэтым жа годзе выходзяць кнігі “Пазычанае шчасце” і “Нявыпраўленая памылка”.
“Школьнікам аб праваслаўнай веры” (2006) і “Голас сумлення” (2008) – кнігі драматурга, прасякнутыя рэлігійнымі матывамі. За “Голас сумлення” аўтару прысуджана літаратурная прэмія імя Уладзіміра Караткевіча. З 2006 года Фёдар Антонавіч з’яўляецца членам “Саюза пісьменнікаў Беларусі”. За працу па тэме духоўнага адраджэння ён узнагароджаны Ганаровай граматай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Памятнымі Знакамі “2000 год хрысціянству”, “Прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай”, “Свяціцеля Мікалая Цудатворца”.

Бiблiяграфiя:

  • «Расплата за нелюбоў» (1998)
  • «Недаспяваная песня» (2001)
  • «Белы абрус» (2002)
  • «Не свая віна» (2003)
  • «Урок на ўсё жыццё» (2003)
  • «Вяртанне да першачысціні» (2004)
  • «Нявыпраўленая памылка» (2005)
  • «Пазычанае шчасце» (2005)
  • «Школьнікам аб праваслаўнай веры» (2006)
  • «Голас сумлення» (2008)
  • «Докшыцкі край» (2009)
  • «Жыву я подыхам нябёс» (2009)
  • «Зраненае сэрца» (2011)
  • «Шлях да Бога» (2012)
  • «Даравальная нядзеля» (2012)
  • «Дарога ў неба» (2014)
  • «Маўклівая любоў» (2015)
  • «Галалёд» (2017)
  • «Ці так жывём?» (2017)

Ці так жывём?

Намінацыя: Лепшы твор драматургіі (2018)

Аўтар: Палачанiн Фёдар Антонавiч

Мастак Я.У. Шэвякоў

Выдавецтва: Народная асвета

Набыць кнiгу

Галалёд

Намінацыя: Лепшы твор драматургіі (2018)

Аўтар: Палачанiн Фёдар Антонавiч

Выдавецтва: Выдавецтва "Беларусь"

Колькасць старонак: 351

У кнігу ўвайшлі кінасцэнарыі, сюжэты якіх вызначаюцца праўдзівасцю, глыбокім псіхалагічным аналізам, неардынарным поглядам на жыццё. Асуждаюцца крывадушнасць і фальш, п'янства і крыўда, здрада і маральная разбэшчанасць, паказаны складаныя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, пошукі шчасця, кахання. Шырока прадстаўлена тэма духоўнасці - галоўнае ў творчасці Фёдара Палачаніна. Прапануецца драматургам, літаратарам, работнікам устаноў культуры, педагогам і проста чытачам.

Набыць кнiгу