Дудзюк Зiнаiда Iосiфаўна
Пашыраны пошук
Нацыянальная лiтаратурная прэмiя

Нацыянальная лiтаратурная прэмiя


Дудзюк Зiнаiда Iосiфаўна
"Зінаіда Іосіфаўна Дудзюк нарадзілася 29 сакавіка 1950 года ў вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці ў рабочай сям’і. У дзіцячыя гады разам з бацькамі жыла ў Расіі і на Украіне. У 1959 годзе бацькі Зінаіды пераехалі ў Белаазёрск Брэсцкай вобласці на будаўніцтва Бярозаўскай ДРЭС. Так яна апынулася ў маладым горадзе энергетыкаў, дзе ў 1966 годзе закончыла сярэднюю школу.

Літаратурным дэбютам Зінаіды Дудзюк сталі вершы, надрукаваныя ў красавіку 1967 года ў бярозаўскай раённай газеце «Маяк коммунизма». Яна стала членам літаратурнага аб’яднання «Крыніца», дзе пазнаёмілася з Алесем Разанавым, Раісай Баравіковай, Нінай Мацяш. Практычна з гэтага часу Зінаіда Іосіфаўна і звязала сваё жыццё з літаратурай, але спачатку ёй давялося працаваць тынкоўшчыцай на будоўлі, чарцёжнікам, тэхнікам, а пасля пасля заканчэння вячэрняга факультэта Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (1977) – інжынерам у інстытуце “Брэстграмадзянпраект” у Брэсце, куды на пастаяннае месца жыхарства пераехала ў 1968 годзе.

З 1974 года выступае ў абласным і рэспубліканскім друку. У 1983 годзе «Мастацкая літаратура» выдала кнігу З. Дудзюк «Праводзіны птушак». Першы зборнік адразу засведчыў яркасць і самадастатковасць паэтычнага дара аўтара. Менавіта з той пары творчая дзейнасць стала для яе сэнсам жыцця, і ў гэтай справе яна знайшла сябе, свой мастацкі стыль. Вершы маладой паэтэсы ўсё часцей і часцей сталі з’яўляцца ў перыядычных выданнях – у абласной газеце «Заря», у рэспубліканскай «Чырвонай змене», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Работніца і сялянка», былі надрукаваны ў калектыўным зборніку «Паэзія-77».

Знакавым для З. Дудзюк стаў 1986 год, у якім яна стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Затым былі зборнікі вершаў «Абрысы лета» (1988), «Так і не» (1993), «Табе» (2000).

У 1993 годзе З. Дудзюк скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве. Пасля працавала журналістам у абласной газеце «Народная трыбуна» і загадчыкам літаратурнай часткі Брэсцкага тэатра драмы і музыкі.

Зінаіда Іосіфаўна піша не толькі вершы, але і з’яўляецца аўтарам шэрагу раманаў і драматычных твораў, у тым ліку п’ес-казак для дзяцей, некалькіх кніг дакументальных нарысаў, займаецца перакладамі. Гэтым самым яна робіць важкі крок да ўзбагачэння і пашырэння жанравых абсягаў у сваёй літаратурнай дзейнасці.

У 1997 годзе выйшла яе кніга прозы «Палоннікі жыцця», у якой пісьменніца хацела данесці да чытачоў душэўны стан сучасніка, адкрыць драматызм яго лёсу. У рамане «Кола Сварога» (2006) Зінаіда Дудзюк упершыню ў беларускай літаратуры зрабіла спробу аднавіць цэласную сістэму светабудовы, якою яе ўяўлялі нашы далёкія продкі. На аснове ўспамінаў, якія пакінулі нам старажытныя гісторыкі, пісьменніца стварыла аповесць-хранограф «Славянскія князі» (2005). Пра жыццё славянскіх плямёнаў на Балканах – яе раман «Велясіты» (2005), у аснове якога супрацьстаянне славян і Візантыі. Значным дасягненнем беларускай літаратуры стаў гістарычны раман «Год 1812» .

Пара высокага сонца

Намінацыя: Лепшы твор публіцыстыкі (Пераможец 2018 )

Аўтар: Дудзюк Зiнаiда Iосiфаўна

У афармленні вокладкі выкарыстаны малюнак А.Д. Кудзіненкі

Выдавецтва: ПВГУП " Выдавецтва Альтэрнатыва"

Колькасць старонак: 116

Кніга ўтрымлівае ўспаміны пра вядомых асоб літаратуры і культуры: Яўгенію Янішчыц, Уладзіміра Калесніка, Ніну Мацяш, Святлану Курылёву, Анатоля Кудзіненку і шмат іншых, з кім аўтар была знаёма асабіста, а таксама нарысы, эсэ пра выдатных асоб мінулых часоў і пра асобныя падзеі, звязаныя з гісторыяй Брэста.

Набыць кнiгу