Загурская Галiна Пятроўна
Пашыраны пошук
Нацыянальная лiтаратурная прэмiя

Нацыянальная лiтаратурная прэмiя


Загурская Галiна Пятроўна
Галіна Пятроўна Загурская (у дзявоцтве — Міснік) — настаўніца, мастак, паэтэса. Нарадзілася 5 студзеня 1945 года ў вёсцы Лявонпаль. Пасля заканчэння фізіка-матэматычнага факультэта Віцебскага педінстытута імя С.М. Кірава ў 1967 настаўнічала ў Лявонпальскай сярэдняй школе, у СШ вёскі Жодзішкі Смаргонскага раёна.

З 1973 года жыве ў Полацку. Працавала выкладчыкам і метадыстам у медвучылішчы, у ГПТВ-66 будаўнікоў, у Полацкім Цэнтры рамёстваў і нацыянальнай культуры.

Малюе з дзяцінства, найбольш ярка мастацкія здольнасці праявіліся ў старэйшых класах, калі стала афармляць школьную насценгазету. Ушчыльную пачала займацца выяўленчым мастацтвам, як скончыла асноўную працоўную дзейнасць. Першую выставу акварэлі прадставіла на суд калег і навучэнцаў ліцэя будаўнікоў у 2005. У наступны год адбылася выстава ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур Полацка, у 2007-м—у Цэнтральнай бібліятэцы Наваполацка, у 2009-м—у Літаратурным музеі імя У. Караткевіча ў Віцебску. Яе малюнкі "Колеры жыцця" ацэньваў Полацк, карціны выстаўляліся на сумеснай выставе "Інсіта-2012" у Віцебску да 100-годдзя Марка Шагала. Потым выстаўляла "Трапяткія імгненні" ў Полацку, удзельнічала ў іншых выставах. Удасканальвала мастацкую творчасць у народным клубе самадзейных мастакоў "Белае палатно" Полацкага гарадскога палаца культуры. Прафесіяналы адзначаюць гарманічны каларыт яе карцін. Шчырасць, душэўнасць, вера ва ўсё найлепшае праяўляюцца ў творах пра восень.

У сталым узросце занялася Галіна Загурская паэтычнай творчасцю, і ў гэтай справе атрымала прызнанне за шчырасць, адкрытасць, мілагучнасць вершаў. У 2007 выйшаў яе першы лірычны зборнік "З далоняў сэрца", у 2009-м—наступны "Да зямлі прытуліцца", у 2017-м—"У месяцовым перламутры". Друкавалася ў "Полацкім весніку", "Краязнаўчай газеце", "Літаратуры і мастацтве", часопісах "Маладосць" і "Полымя", нашых "Міёрскіх навінах", абласных і рэспубліканскіх выданнях, зборніку "Дзвіна". Член народнага літаратурнага аб'яднання "Наддзвінне" (Полацк) і Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2010 года.

Бiблiяграфiя:

  • «З далоняў сэрца» (2007 г. г. Минск)
  • «Да зямлi прытулiцца» (2009 г. г. Витебск)
  • “З росаў святанных” (2013 г., г. Витебск)
  • “У мясцовым перламутры” (2017 г., Витебская областная типография)

У месяцовым перламутры

Намінацыя: Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі (2018)

Аўтар: Загурская Галiна Пятроўна

Выдавецтва: УПП "Віцебская абласная друкарня"

Колькасць старонак: 152

Кніга ўключае ў сябе спавядальную лірыку паэткі, а таксама паэму «Наддзвінцы на Парнасе», якую аўтар прысвяціла сваім сябрам па народным літаратурным аб’яднанні «Наддзвінне». Чытач знойдзе ў новай кнізе і прысвячэнні паэткі выбітным людзям Беларусі, сваім родным, і яе разваг пра сэнс жыцця і пра духоўнасць, асэнсаванне маральна-этычных праблем. Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў.

Набыць кнiгу