Валковiч Аляксандр Мiхайлавiч
Пашыраны пошук
Нацыянальная лiтаратурная прэмiя

Нацыянальная лiтаратурная прэмiя


Валковiч Аляксандр Мiхайлавiч
"Аляксандр Міхайлавіч Валковіч нарадзіўся 5 лістапада 1950 года ў горадзе Брэсце ў сям’і вайскоўца. Бацькі родам з вескі Асмаловічы Магілеўскай вобласці, з саслоўя сялян і салдат. Дзед па маці Максім Кудлоў – кавалер чатырох салдацкіх крыжоў Св. Георгія, у Першую сусветную ваяваў пешым разведчыкам у арміі генерала Брусілава.
Бацька, Міхаіл Ільіч Валковіч, – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, капітан, сапёр, сувязіст, меў раненні і кантузіі, узнагароджаны ордэнамі і медалямі; пасля вайны працаваў у паштовым аддзяленні, потым – зампалітам Дамачаўскага касцёва-сухотнага санаторыя; памёр у 1976 годзе.

Маці, Лідзія Іларыёнаўна (Казлова), 1923 года нараджэння, напачатку вайны рыла супрацьтанкавыя равы пад Магілёвам, затым перажыла акупацыю ў роднай вёсцы, адкуль у 1943 годзе за выратаванне яўрэйскай сям’і была адпраўлена на прымусовую працу ў Германію, знаходзілася ў Нямеччыне, Аўстрыі, Італіі ў якасці прачкі нямецкага шпіталя. Вызвалена ў 1945 годзе амерыканскімі войскамі ў італьянскім горадзе Карціна-д-Ампеццо. Пасля вайны працавала ў розных месцах (прадаўцом у райпо i iнш.), але асноўнае месца працы Лідзіі Іларыёнаўны да выхаду на пенсію – бібліятэка Дамачаўскай сярэдняй школы.

У 1956 годзе сям’я Валковічаў пераехала ў гарадскі паселак Дамачава Дамачаўскага раёна (цяпер Брэсцкага раёна) Брэсцкай вобласці, тут прайшлі дзяцінства і юнацтва будучага пісьменніка. Аляксандр Валковіч вучыўся ў Дамачаўскай СШ, якую таксама скончылі яго браты Уладзімір і Сяргей, сястра Галіна. Самым яркім уражаннем былі настаўнікі: Праскоўя Андрэеўна Раманенка, Дзмітрый Ігнатавіч Белаш, Лідзія Дзям’янаўна Баглай, Уладзімір Якаўлевіч Васілюк, Раіса Рыгораўна Стаднік, Лідзія Афанасьеўна Годун, Сямён Міронавіч Эскін, Ганна Пятроўна Шарая, Марыя Пятроўна Шаўлоўская і інш.

Працоўную дзейнасць Аляксандр Валковіч пачаў стывідорам Архангельскага марскога порта. Працаваў на сплаве, лесапавале на Поўначы і ў Сібіры. У 1975 годзе скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Служыў ваенным журналістам у армейскім друку. Месцы службы: Беларуская і Закаўказская ваенныя акругі, групы войскаў у Польшчы і Германіі, Маскоўская і Прыкарпацкая ваенныя акругі.

Пасля звальнення ў запас Аляксандр Валковіч працаваў у брэсцкай раённай газеце «Заря над Бугом», рэдагаваў газету цюменскіх нафтаздабытчыкаў «Нефтевик Коголыма». Арганізаваў першую газету толькі што створанай нафтавай кампаніі «Лукойл». Горад Кагалым стаў месцам нараджэння сына Міхаіла. Затым быў загадчыкам аддзела часопіса «СЭЗ Брест», публікаваўся ў вядучых рэспубліканскіх газетах Беларусі.

Аповесці, апавяданні, нарысы выходзілі ў часопісах «Савецкі воін», «Літаратурная Арменія», «Няміга літаратурная», «Нёман», «Маладосць», «Полымя», інтэрнэт-часопісах «Рускі пераплёт», «Эрфол».

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Бiблiяграфiя:

  • «Зубр белавежскі чыгунны» (2007)
  • «Бяроза чорная, бяроза белая...» (2009)
  • «Алеся. Белавежскія сны» (2009)
  • «Лісты вайны» (2010)
  • «Лета чырвоных коней» (2012)

И тогда спроси свою печаль…

Намінацыя: Лепшы твор прозы (2018)

Аўтар: Валковiч Аляксандр Мiхайлавiч

Выдавецтва: ПВГУП " Выдавецтва Альтэрнатыва"

Колькасць старонак: 216

У новую кнігу прозы брэсцкага пісьменніка Аляксандра Валковіча ўвайшлі свежыя і раней публікаваныя аповесці, апавяданні, эсэ і замалёўкі, напісаныя па матэрыялах «вандровак» па рэгіёнах беларускага Палесся. Пра людскую міласэрнасць, пра крынічныя вытокі духоўнасці і маральнасці, пра месца беларусаў на зямлі распавядае гэтая душэўная кніга... У зборніку ёміста прадстаўлены багаты гутарковы і песенны фальклор палешукоў, старадаўнія паданні і легенды, жыццёвыя калізіі і людскія лёсы. Кніга разлічана на шырокі круг чытачоў усіх узростаў.

Набыць кнiгу