Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна
Пашыраны пошук
Нацыянальная лiтаратурная прэмiя

Нацыянальная лiтаратурная прэмiя


Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна
В. Гіруць-Русакевіч – член трох творчых саюзаў: Саюза пісьменнікаў Беларусі (1998), Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы (2016) і Беларускага саюза журналістаў (1985).

Па прафесіі журналіст, яна пачала сваю творчую дзейнасць з работы ў рэдакцыі валожынскай раённай газеты “Працоўная слава”, дзе працавала на розных пасадах з 1975 па 1997 гады.

Вершы Валянціны Гіруць-Русакевіч неаднаразова друкаваліся і друкуюцца ў газетах “Мінская праўда”, “Чырвоная змена”, “Народная газета”, “Рэспубліка”, “Сельская газета” (“Беларуская ніва”), а таксама ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман” і інш.; вершы для дзяцей – у “Вясёлцы” і “Вожыку” .

У 1996 годзе ў серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць” выйшла першая кніжка Валянціны Гіруць-Русакевіч “Я адкрываю вам душу”, а потым і другая – “Пад зоркаю лёсу” (1999).

Яна аўтар многіх уласных паэтычных зборнікаў, а таксама укладальніца чатырох калектыўных зборнікаў членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры, якім кіруе ўжо 14 гадоў.

У 2009 годзе аўтабіяграфія В. Гіруць-Русакевіч увайшла ў кнігу аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі “З росных сцяжын” (Мінск, “Мастацкая літаратура”).
У 2015 годзе яна стала лаўрэатам Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры ў намінацыі “Дзіцячая і падлеткавая літаратура” за кнігу “А ці ведаеце вы?”, вершы паэтэсы ўключылі ў зборнік “Па праву жывога” (Мінск, “Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі”).

У 2016 годзе стала пераможцай ў намінацыі “За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры” VІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2015” (ГА “Беларускі саюз жанчын”).

Да шматлікіх узнагарод рознага кшталту Гіруць-Русакевіч В.Ф. дадаліся ў мінулым годзе Падзяка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

На нітцы часу

Намінацыя: Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі (2019)

Аўтар: Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна

Рэцэнзія Наталлі Нарутовіч “Словы ўдзячнасці, музыка кахання” на кнігу Валянціны Гіруць-Русакевіч “На нітцы часу” была надрукавана ў штотыднёвіку “Літаратура і Мастацтва” (№ 27 ад 13 ліпеня 2018 года). Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі

Выдавецтва: ТДА "Чатыры чвэрці"

Мінскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” вылучыла на Рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная літаратурная прэмія” па выніках 2018 года ў намінацыі “Лепшы твор (зборнiк твораў) паэзii” паэтычны зборнік Валянціны Гіруць-Русакевіч “На нітцы часу” (Мінск, “Чатыры чвэрці”, 2018). Зборнік выбранай паэзіі “На нітцы часу” вылучае моцны пасыл аўтара да Дабра, Міру, Прыгажосці. Ён прысвечаны Году малой радзімы, і ў ім галоўнае – любоў да яе, да тых людзей, што жылі і жывуць на роднай зямлі, дбаюць пра яе росквіт. Другая вызначальная рыса – шматбаковасць асвятлення тэмы, скіраванасць на рознаўзроставую аудыторыю. А таксама літаратурныя якасці твораў, прадстаўленых ва ўсіх раздзелах гэтага выдання. Аўтар вылучае карані любові да Радзімы: мова, родныя краявіды і тыя людзі, якія становяцца першымі настаўнікамі ў жыцці. Трапяткое пачуццё, якое выклікае прырода Беларусі, захоўваецца на ўсё жыццё. І калі ў дзяцінстве ў замілаванне прыводзілі лугавыя сцяжынкі, па якіх бегала дзятва, пах яблык, маліны, грыбоў, то потым, ужо ў сталым узросце, родная прырода гоіць душэўныя раны, надае сілы тварыць дабро людзям, знайсці адказ на спрадвечныя жыццёвыя пытанні. Калі чалавек сталее, то пачынае клапаціцца пра тое, што ж застанецца нашчадкам у спадчыну. Прэзентацыі кнігі В. Гіруць-Русакевіч “На нітцы часу” прайшлі 13 чэрвеня 2018 года ў ДУА “Яршэвіцкі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” і ў Ракаўскай сярэдняй школе (у рамках акцыі “Лета з добрай кнігай”), 22 верасня адбылася творчая сустрэча-прэзентацыя ў сельскім клубе-бібліятэцы в. Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна, а 25 кастрычніка – ў Ашмянскай раённай бібліятэцы. Аўтар прэзентавала паэтычны зборнік “На нітцы часу” 9 лютага 2019 года на XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе. Яе кніга атрымала добрыя водгукі наведвальнікаў.

Набыць кнiгу