Как отпраздновали в Рогачеве День белорусской письменности
Расширенный поиск
Нацыянальная лiтаратурная прэмiя

Нацыянальная лiтаратурная прэмiя


Как отпраздновали в Рогачеве День белорусской письменности

05.09.2016 З цэнтральнай пляцоўкі ў Рагачове ўсіх прысутных шчыра прывітала намеснік прэм’ер-міністра, старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню свята ў Год культуры Наталля Качанава. Яна зачытала прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям урачыстасці. У ім падкрэслена, што «гістарычная памяць і гонар за Радзіму служаць трывалым падмуркам для далейшага развіцця краіны». 
novosti_2016.jpg
Колькі памятных стрэч навукоўцаў, пісьменнікаў адбылося напярэдадні свята ў Гомелі, аграгарадку Журавічы, раённым цэнтры Рагачове, звязаных з імем слыннага сына гэтага краю народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка, не менш знакамітага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, шматлікіх іншых творцаў, што ўславілі родны куток.

Сучасных пісьменнікаў Гомельшчыны і шматлікіх гасцей, калег па творчаму цэху з Расіі і Украіны шчыра страчалі педагогі, землякі Андрэя Макаёнка ў школе аграгарадка. Тут два духоўна-напоўненыя музеі, якія выхоўваюць дзетак. Сёння іх навучаецца 123.

Цудоўным падарункам таленавітаму школьнаму тэатральнаму гуртку, якім кіруе намеснік дырэктара Валянціна Гапонава, стаў зборнік п’ес «Паслядоўнікі Макаёнка», падрыхтаваны Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, выступленні прадстаўнікоў творчага саюза.

Ля бюста Макаёнку ў аграгарадку Журавічы адбыўся мітынг, на якім старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч падкрэсліў надзвычай сучаснае гучанне, актуальнасць творчасці драматурга, былога франтавіка, у змаганні з заганамі грамадства...

Абноўлены, памаладзелы страчаў Рагачоў свята ў нядзелю. Віхурыла яно на вуліцах людскім морам, спеўнымі мовамі — прыехалі ў госці на родную беларускую зямлю прадстаўнікі дыяспар з 20 краін свету. І на 23-м па ліку свяце беларускага пісьменства шмат што было ўпершыню: закладка алеі ў гонар 10-годдзя навейшай гісторыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, дарунак гасцямі любімых кніг для рагачоўскага Дома кнігі, якому прысвоена імя Уладзіміра Караткевіча, бібліятэкам раёна... 

На адкрыцці свята старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік падкрэсліў, што свята беларускага пісьменства дапаможа прыцягнуць увагу нашых жыхароў, асабліва моладзі, да нацыянальнай культуры, заахвоціць звярнуцца да твораў класікаў і сучасных пісьменнікаў. Губернатар для Дома кнігі ў Рагачове падараваў шыкоўны

фаліянт «Гомельская губерния», выдадзены «Гомельскай праўдай», назваўшы яго летапісам рэгіёна, у якім ёсць старонкі, напісаныя і жыхарамі Рагачоўшчыны. А пазнаёміцца з творчай лабараторыяй журналістаў, паліграфістаў, выдаўцоў, распаўсюджвальнікаў друку можна было ў павільёнах прэсы і выдавецтваў, якія падрыхтавалі шмат ізюмінак для сваіх чытачоў. «Гомельскую праўду» можна было прыдбаць і ў спецыяльным аўтамаце, убачыць віртуальны варыянт, і аператыўна перадаць на сайт абласной газеты самую свежую навіну са свята.

Па словах міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч, штогод у нашай краіне выдаецца звыш 11 тысяч найменняў кніг, 33 мільёны — для кнігарняў і бібліятэк. Верыцца, што ўсе яны знойдуць сваіх чытачоў.

На свяце ўручалі Нацыянальную літаратурную прэмію.

Больш двух дзясяткаў кніг выдадзена за час з мінулагодняга свята пісьменнікамі Гомельшчыны. Прыемна, што ў Рагачове былі ўганараваны ў чатырох намінацыях за рукапісы кніг лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, гомельскія паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Болсун, Яўген Калашнікаў, Алег Ананнеў, а таксама паэтэса, выкладчык ГДУ імя Ф. Скарыны Алена Асенчык. Дыпломы і грашовыя прэміі аблвыканкама ўручыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алег Барысенка. Званне ганаровага грамадзяніна Рагачова прысвоена вядомаму пісьменніку, драматургу Васілю Ткачову.
novosti_2016_2.jpg
На Дні беларускага пісьменства ўзнагароды атрымалі і юныя пераможцы Рэспубліканскага конкурсу «Залатое пяро Белай Русі-2016». У ім удзельнічалі звыш 1500 пачаткоўцаў, якія, (хто ведае?) працягнуць пісаць летапіс Бацькаўшчыны. Прыемна, што сярод лепшых у намінацыі «Мой куточак зямлі роднай» Дзіяна Казакова з аграгарадка Яроміна Гомельскага раёна, а ў намінацыі «Радзіма на кінастужцы часу» — гамяльчанка Аляксандра Буднікава.

Сяргей Дзенісенка, старшыня Рагачоўскага райвыканкама: — Ад продкаў мы атрымалі выдатны духоўны набытак, які беражліва захоўваем і памнажаем. На сённяшні дзень нашу гісторыка-культурную і духоўную спадчыну складаюць звыш 70 унікальных помнікаў археалогіі і архітэктуры. І гэтае свята — выдатная магчымасць паказаць наша культурнае багацце ўсім жыхарам рэспублікі.

Стэфан, епіскап Гомельскі і Жлобінскі: — Згадваем у гэты дзень Кірылу Тураўскага, Еўфрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Янку Купалу, якія заклалі ў дзяржаўнасць Беларусі сваё сэрцы і душы.

Мікалай Чаргінец, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі: — Удзячны кіраўніцтву вобласці, а таксама цудоўных раёнаў Гомельшчыны, за тое, што здолелі стварыць такое свята.

Святлана Макарава, сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі, старшыня Краснадарскай пісьменніцкай арганізацыі: — Прыгажосць слова, напеўнасць, паэзія закладзены ў сэрцах нашых народаў на генным узроўні. З высокай паэзіі нараджаюцца высокія пачуцці, святое пачуццё любові да роднай зямлі, сваёй Радзімы.

Вось ужо пяць гадоў мы працуем у міжнародным літаратурным праекце «Берагі дружбы» разам з Гомельскай пісьменніцкай арганізацыяй. На кожнай старонцы выдадзеных за гэты час выданняў на рускай, беларускай, украінскай мовах жывуць праменьчыкі святла і дабра, узаемаразумення. Сёння ў праекце працуюць пісьменнікі Краснадарскага краю, Растоўскай, Курскай, Бранскай абласцей Расіі, Гомельшчыны, Сумской вобласці Украіны, таму гэтыя промнікі пераўтварыліся ў яркія вясёлкі. Мы спадзяемся, што ў нашай вясёлцы будзе яшчэ больш фарбаў, і паэты зробяць тое, што не здолелі палітыкі, каб на нашых славянскіх землях быў мір.

Лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі:

паэзія — Мар’ян Дукса за кнігу «Птушка вечнасці — душа»,

проза — Алесь Марціновіч, «Цяпло колішніх вогнішчаў»,

дзіцячая літаратура — Сяргей Давідовіч, «Дзедава жалейка» і за шэраг іншых твораў, 

драматургіі — Ягор Конеў, п’еса «Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы» і іншыя,

публіцыстыкі — Мікалай Барысенка, «Рэха вайны ва Усходняй Беларусі»

літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства — Таццяна Мацюхіна, навуковае выданне «Беларускі імпрэсіянізм»

лепшы дэбют — Сяргей Клімковіч, «Тайна кватэры № 8», дзіцячыя творы ў чатырох тамах.

Источник: http://gp.by
© Правда Гомель

Все события